СПАДАРО́ЖНІКАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
сувязь паміж наземнымі радыёстанцыямі з дапамогай рэтрансляцыі сігналаў адным ці больш ШСЗ; адзін з відаў радыёсувязі.
Вызначаецца адначасовым доступам да спадарожніка сувязі вял. колькасці наземных радыёстанцый, якія знаходзяцца ў зоне яго радыёбачнасці. Па каналах С.р. перадаюцца сігналы тэлефаніі, лічбавыя даныя, відэасігналы, тэлетэкст і інш. з частотным, часавым ці кодавым раздзяленнем сігналаў. С.р. забяспечвае глабальны доступ да баз даных, сеткі Інтэрнет, тэле- і радыёпраграм і інш. мультымедыйнай інфармацыі. Дазваляе ўстанавіць кантроль за месцазнаходжаннем і станам рухомых аб’ектаў, а таксама забяспечыць персанальную сувязь з абанентамі з месцаў, недаступных для наземных сродкаў сувязі, у т. л. ў цяжкадаступных, аддаленых і маланаселеных раёнах. Для арганізацыі С.р. выкарыстоўваюць розныя тыпы наземных радыёстанцый (стацыянарныя, рухомыя, персанальныя і інш.) і розныя тыпы ШСЗ (шматфункцыянальныя, спецыялізаваныя і інш.). Рэтрансляцыя ажыццяўляецца ў рэальным маштабе часу (найб. пашырана), у некаторых выпадках — з часавай затрымкай (у нізкаарбітальных сістэмах С.р.). Выкарыстоўваецца для арганізацыі міжнар., нац., а таксама асобных (карпаратыўных, ведамасных, банкаўскіх структур і інш.) сетак сувязі незалежна ад месцазнаходжання карыстальнікаў.
Э.Б.Ліпковіч.
т. 15, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)